Засн. ў 1969, адкрыты ў 1970 у г.п. Ушачы, у 1999 прысвоена імя У.Е.Лабанка. Пл. экспазіцыі 574 м², 4 залы, карцінная галерэя, выставачная зала, 13,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (2001). Аддзелы: мастацкі, ваенна-гіст., фондаў. На фасадзе будынка музея манум. кампазіцыя «Прарыў» (маст. Ю.Любімаў), у вестыбюлі размалёўка на тэмы «Фашызму не прайсці», «Хлеб партызанскі», «Вызваленне», «У імя жыцця», «Крах фашызму» (маст. У.Крываблоцкі, Прэмія камсамола Беларусі 1986). Сярод экспанатаў матэрыялы пра падзеі Вял.Айч. вайны на Ушаччыне, у т. л. ўзнікненне і дзейнасць падполля, партыз. руху, карта-схема «Ушацкае падполле», макеты лагера партыз. брыгады «Дубава» і аэрадрома, пра прарыў партызанамі блакады ў час карнай аперацыі «Веснавое свята», дакументы і асабістыя рэчы Героя Сав. Саюза Лабанка. У карціннай галерэі палотны, партрэты партызан, лінагравюры, сатыр. плакаты партызан-мастакоў М.Абрыньбы і М.Гуціева. У экспазіцыі матэрыялы пра землякоў: пісьменніка-дэмакрата А.Вярыгу-Дарэўскага, нар. паэтаў Беларусі П.Броўку, Р.Барадуліна, нар. пісьменніка Беларусі В.Быкава, нар. артыста Беларусі Г.Гарбука і інш. Музей праводзіць выстаўкі карцін мясц. мастакоў, вырабаў металапластыкі, вышыванак, нар. творчасці і інш. За афармленне экспазіцый шэрагу музеяў, у т. л. і Ушацкага, мастаку Э.Агуновічу прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1993.